Сьвятар, узяўшы эпітрахіль і фелон, адчыняе райскія дзьверы. Дыякан кадзіць, а сьвятар стаіць перад прастолам. Пасьля каджэньня дыякан выходзіць, становіцца перад райскімі дзьвярыма: Устаньце!
Сьвятар: Слава сьвятой і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Прыйдзіце, паклонімся… (гл. далей)
Сьвятар зачыняе райскія дзьверы, скідае з сябе фелон і выходзіць у эпітрахілі перад райскімі дзьвярыма. Чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Псалом 103
Блаславі, душа мая, Госпада: * Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў!
Ты апрануўся ў хвалу і веліч, * ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом,
расьцягнуў неба, быццам шацёр, * высокія харомы cвае пакрываеш водамі,
робіш хмары калясьніцаю сабе, * ходзіш на крылах ветру.
Ты робіш вятры пасланцамі сваімі * і слугамі сваімі – полымя агню.
Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: * не пахісьнецца павек вякоў.
Бездань, быццам вопратка, покрыва яе. * Воды над гарамі стануць:
ад пагрозы Тваёй яны назад пададуцца, * ад грому голасу Твайго задрыжаць.
Узыходзяць яны на горы і зыходзяць у даліны, * у месцы, якія Ты ім назначыў;
Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці * і не вярнуцца, каб пакрыць зямлю.
Пасылаеш крыніцы ў яры: * пацякуць воды між гораў;
будуць піць з іх усе зьвяры палявыя, * аслы дзікія смагу сваю гасіць будуць.
Каля іх птушкі нябесныя будуць мець гнёзды свае: * між скалаў будзе чутны сьпеў іх.
З высокіх харомаў Тваіх навадняеш горы: * зямля напоўніцца плодам твораў Тваіх.
Ты вырошчваеш траву для жывёлы, * зельле на пажытак чалавеку, каб вырасьціць хлеб з зямлі,
і віно, што весяліць сэрца чалавека; * каб твар яго зьзяў ад алею, а хлеб хай сэрца чалавека ўмацоўвае.
Насыцяцца дрэвы нізінныя * – кедры лібанскія, што Ты іх насадзіў.
Там птушкі будуць мець гнёзды свае, * бусьлінае жыльлё ўзвысіцца над імі.
Горы высокія для дзікіх козаў, * шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.
Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; * сонца ведае час захаду свайго.
Ты навёў цемру, і настала ноч, * падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.
Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, * просячы ў Бога спажывы сабе.
Узыдзе сонца, і яны зьбяруцца * і лягуць у логавах сваіх.
Выйдзе чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.
Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, Ты ўсё мудра стварыў! * Зямля поўная стварэньняў Тваіх.
Вось мора вялікае і прасторнае: * у ім безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.
Караблі плаваюць там і вуж гэты, * якога Ты стварыў на пацеху сабе.
Усе яны чакаюць Цябе, * каб Ты даў ім спажыву ў свой час.
Ты ім дасі, і яны падбяруць; * расчыніш руку Тваю, і ўсе напоўняцца дабром.
Калі ж Ты адвернеш твар Твой ад іх, яны ўстрывожацца; * адымеш дух ад іх, і яны згібеюць, і ў пыл зноў вернуцца.
Пашлеш дух Твой, і яны ажывуць, * і Ты абновіш твар зямлі.
Няхай слава Гасподняя трывае давеку, * хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.
Ён гляне на зямлю, і змушае яе трымцець, * дакранецца да гораў, і яны задымяць.
Праз усё жыцьцё маё буду сьпяваць Госпаду, * буду пяяць Богу майму, пакуль жыву.
Хай даспадобы будуць Яму разважаньні мае, * а я буду радавацца ў Госпадзе.
Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.
Блаславі, душа мая, Госпада!
Сонца ведае час захаду свайго. * Ты навёў цемру, і настала ноч.
Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, * Ты ўсё мудра стварыў!
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Сьвяцільныя малітвы
Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.
1. Госпадзе спагадлівы і міласьцівы, доўгацярплівы і шматміласьцівы, выслухай малітву нашую і пачуй голас маленьня нашага, дай нам знак спагады Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб нам хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашыя, каб нам стаяць пабожна і з пакорлівасьцю перад імем Тваім сьвятым, бо Ты – вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты моцны ў міласьці і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць усіх, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё.
Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
2. Госпадзе, у гневе Тваім не судзі нас і ў абурэньні Тваім не карай нас, але ўчыні з намі паводле міласьці Тваёй, Ты, што лечыш і ацаляеш душы нашыя. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы сэрцаў нашых, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўвесь час жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых.
Бо Твая ёсьць улада, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
3. Госпадзе, Божа наш, успамяні нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, калі мы клічам імя сьвятое Тваё, якому пакланяемся; і не пасаром нас у спадзяваньні міласьці Тваёй, але даруй нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і ўдастой любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ва ўсім волю Тваю.
Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і няспынных усхваленьнях апяваюць сьвятыя сілы, напоўні вусны нашыя хвалою Тваёю, каб нам узьвялічваць імя Тваё сьвятое; і дай нам спадчыну і ўдзел з усімі, што праўдзіва баяцца Цябе і захоўваюць Твае запаветы, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых Тваіх.
Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць.
Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да ўсіх нас і шкадуеш з прычыны нашай разбэшчанасьці; успомні пра спагаду Тваю і міласьць Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам у рэшту гэтага дня пазьбегнуць розных падкопаў нячыстага, і захавай нашае жыцьцё ад напасьцяў, ласкаю ўсесьвятога Твайго Духа.
Міласьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з Якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
6. Божа вялікі і дзівосны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства тымі дабротамі, што нам дараваў. Ты даў нам у мінулую частку гэтага дня ўхіліцца ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю, славячы ў песьнях Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага.
Бо Ты – Бог наш, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
7. Божа вялікі, найвышэйшы, адзіны, які маеш несьмяротнасьць і жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё стварэньне ў мудрасьці стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую гадзіну стаць перад Тваім абліччам з вызнаньнем і прынесьці Табе вячэрняе ўсхваленьне. Ты сам, Чалавекалюбча, учыні, каб гэтая нашая малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як прыемную духмянасьць. Дай жа нам, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі спакойнымі; апрані нас у зброю сьвятла, выбаў нас ад страху начнога і ад усялякай рэчы, што ў цемры блукае. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на ўмацаваньне ў немачах нашых, быў вольным ад усялякага д’ябальскага насланьня. Так, Уладару ўсяго, дабротаў Падаўча, дай каб мы і на ложках нашых са скрухаю ўспаміналі ўначы Імя Тваё, і прасьветленыя разважаньнем пра запаветы Твае з радаснай душой усталі, каб услаўляць Тваю дабрыню, прыносячы дабрасардэчнасьці Тваёй малітвы і просьбы за грахі нашыя і ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі сьвятой Багародзіцы, наведай у міласьці.
Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Літанія супакою
Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць літанію супакою.
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе Госпаду памолімся.
– За наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, збаў, зьмілуйся і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, усеблаславёную, слаўную Ўладарку нашую Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю з усімі сьвятымі, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё нашае Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытаньне Псалтыра
У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:
Шчасьлівы муж, * што не ішоў за радай нязбожных. Алілуя, алілуя, алілуя.
Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.
Служыце Госпаду са страхам * і слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.
Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя.
Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.
Ад Госпада збаўленьне * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Малая літанія
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
“Госпадзе, я клікаў Цябе...”
Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву.
Псалом 140
Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне. * Выслухай мяне, Госпадзе! * Будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Выслухай мяне, Госпадзе!
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Выслухай мяне, Госпадзе!
Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца:
Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім * і дзьверы для аховы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму * да злачынных словаў
для апраўданьня ў грахах з людзьмі, якія чыняць беззаконьне, * і каб мне ня быць заадно з выбранымі іх.
Праведнік будзе па-добраму навучаць і дакараць мяне, * але алей грэшніка хай не намасьціць галавы маёй;
дый малітва мая * хай ня будзе даспадобы ім.
Судзьдзі іх былі праглынутыя каля скалы; * яны пачуюць словы мае, бо яны лагодныя.
Як глыба зямлі раздрабляецца на зямлі, * так косьці іх параскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя вочы мае; * на Цябе спадзяюся: не адымі душы маёй.
Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі тых, што чыняць беззаконьне.
Грэшнікі ўпадуць у сець сваю; * я адзін застаюся, пакуль не перайду.
Псалом 141
Голасам маім я клікаў Госпада, * голасам маім я Госпаду маліўся.
Мальбу маю вылью перад Ім, * пра гора маё Яму раскажу.
Калі дух мой зьнемагаў ува мне, * Ты і тады ведаў сьцежкі мае.
На той дарозе, па якой я ішоў, * схавалі пастку на мяне.
Глядзеў я ўправа і ўглядаўся, * і не было нікога, хто ведаў бы мяне;
надзея на ўцёкі пакінула мяне, * і ня стала нікога, хто парупіўся б аб душы маёй.
Да Цябе, Госпадзе, я ўсклікнуў і сказаў: * “Ты надзея мая, мой удзел на зямлі жывых!
Уваж малітву маю, бо я вельмі падупаў. * Вызвалі мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.
Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:
Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.
(Тон 1). Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!"
Праведнікі будуць чакаць мяне, * пакуль аддзячыш мне”.
Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!"
Калі 8 песьняў – тады ад наступнага:
Пс 129. З глыбіняў клікаў я Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!
Рознымі мовамі надзяліў Ты, Хрысьце, сваіх вучняў, каб на іх яны прапаведавалі Цябе – Несьмяротнае Слова і Бога, які дае душам нашым багацьце зьмілаваньня.
Хай вушы Твае будуць уважлівыя * да голасу маленьня майго.
Усё дае Дух Сьвяты, прароцтвы крынічыць, сьвятароў дасканалымі чыніць, нявучаных навучае мудрасьці, рыбакоў багасловамі робіць, і яднае ўсю царкоўную супольнасьць. Адзінасутны і роўны славаю з Айцом і Сынам Суцяшальніку, слава Табе!
Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:
Калі беззаконьні заўважаць будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто ўстаіць? * Бо ў Цябе ачышчэньне ёсьць.
(Тон 2). Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.
Дзеля імя Твайго я чакаў Цябе, Госпадзе: * душа мая чакала слова Твайго,душа мая спадзявалася на Госпада.
Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.
Ад ранішняй старожы да ночы, * ад ранішняй старожы хай спадзяецца Ізраіль на Госпада.
Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях збаўленьня, і праз апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты – Бог першы і апошні, і на вякі Ты – Бог наш.
Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго вызваленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.
Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі,
У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя.
бо міласэрнасьць Яго ўмацавалася над намі * і праўда Гасподняя трывае давеку.
Тройцу сьвятую ў песьнях уславім, Айца і Сына разам з Духам Сьвятым, бо так прапаведавалі ўсе прарокі і апосталы разам з мучанікамі.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 8). Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе.
Уваход
Падчас сьпяваньня “Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:
Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.
Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.
Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін.
Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:
Дыякан: Мудрасьць, устаньце!
На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дайшоўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, пяем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойны Ты, каб на ўсякі час чыстымі галасамі пяялі хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Пракімен
Чытальнік або дыякан чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў.
У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.
Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу.
Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся.
Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не пахісьнецца.
Верш 3. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць, * на доўгія дні.
Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.
Чытаньне кнігі Лікаў
Сказаў Госпад Майсею: Пакліч мне семдзесят мужоў спасярод старэйшых Ізраіля, якіх ты ведаеш, што яны – старэйшыя і праваднікі народу; і прывядзі іх да Шатра Сустрэчы, хай яны там стануць разам з табою. Тады Я прыйду і буду гутарыць з табою; і вазьму ад Духа, што ў табе, і дам ім, і яны разам з табою будуць насіць цяжкасьці народу, а ты сам ня будзеш болып насіць іх. Майсей сабраў семдзесят старэйшых народу і паставіў іх вакол шатра. I Госпад у хмары зышоў і гутарыў з ім. Пасьля ўзяў ад Духа, што быў у ім, і даў Яго гэтым сямідзесяці старэйшым. Як толькі спачыў на іх Дух, яны ўвайшлі ў той час у захапленьне і прарочылі. Два мужы засталіся ў стане, адзін з іх называўся Эльдад, а другі Мадад. На іх тасама зышоў Дух, бо яны былі ў ліку пакліканых, толькі не прыйшлі да шатра. I яны таксама пачалі прарочыць у стане. Прыбег юнак і сказаў Майсею: "Эльдад і Мадад увайшлі ў захапленьне прароцкае". Ісус, сын Навін, які з маладых гадоў быў на службе ў Майсея, узяў голас і сказаў: "Майсею, гаспадару мой, забарані ім!" Але Майсей адказаў: "Ці не зайздросны ты за мяне? О, каб усе ў народзе Гасподнім былі прарокамі, каб Госпад даў ім Духа свайго!" (11:16-17; 24-29)
Чытаньне кнігі прарока Яэля
Так кажа Госпад: "Радуйцеся, сыны Сыёну, цешцеся ў Богу Госпадзе вашым, бо Ён учыніў вам згодна са справядлівасьцю. Дождж асеньні і дождж веснавы Ён выліў на вас шчодра, як і раней. Гумны вашыя напоўняцца збожжам, і прэсы вашыя вінаградным сокам і аліваю. У такі спосаб Я ўзнагароджу вас за гады, калі ўсё паела шаранча, чэрві, жукі і вусені, якіх Я паслаў на вас у вялікім мностве. Тады сапраўды будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць імя Госпада Бога вашага, які ўчыніў вам дзіўныя рэчы, і народ мой ня будзе пасаромлены давеку. У той час пазнаеце, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і што Я – Госпад Бог ваш, а іншага няма. Мой народ ня будзе пасаромлены давеку. Пасьля гэтага вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і дочкі вашыя будуць прарочыць, а юнакі вашыя будуць бачыць аб'яўленьні. Нават на нявольнікаў і нявольніцаў вылью Духа майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні, дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены". (2:23-3:5)
Чытаньне кнігі прарока Езакіеля
Так кажа Госпад: "Забяру вас спасярод народаў, зьбяру з усіх краінаў і прывяду зноў у вашу краіну. Акраплю вас чыстай вадою, каб вы ачысьціліся ад усякай нячыстасьці, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. I дам вам новае сэрца і новага духа ўдыхну ў нутры вашыя, каменныя сэрцы забяру з целаў вашых, а дам вам сэрцы цялесныя. Духа Майго хачу ўдыхнуць у вас і зрабіць, каб вы жылі паводле Маіх запаветаў, захоўвалі мае прыказаньні і чынілі згодна з імі. Тады будзеце жыць у краіне, якую Я даў айцом вашым, і будзеце маім народам, а Я буду вашым Богам". (36:24-28)
Літанія ўзмоцненага маленьня
Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць літанію. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць літанію, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.
Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца