Пошук
Нядзельнае казаньне
СВЯТА ЎЗВЫШЭННЯ ЖЫВАТВОРЧАГА КРЫЖА |
субота
КАСТРЫЧНІКА |
Няхай Бог блаславіць Грэка-каталіцкую Супольнасць Беларусі!
Дарагі Архімандрыт, Апостальскі Візітатар Грэка-каталіцкай Супольнасьці Беларусі, Дарагія Браты ў Біскупстве, Паважаныя Прадстаўнікі Уладаў, Дарагія Святары, Манахі і Манахіні, Дарагія Семінарысты, Дарагія Браты і Сёстры! Гэтая нашая сустрэча кароткая, але вельмі насычаная і сямейная. Дзякуй за вашую сардэчную гасціну ў гэтым вашым душпастырскім Цэнтры, прысвечаным святому Язэпу, Апекуну Царквы. Я хацеў бы прывітаць усіх вас з вялікай сардэчнасцю. Перш за ўсё вітаю Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў у Беларусі Дастойнага Архімандрыта Яна Сяргея Гаека ды дзякую яму за ветлівыя словы прывітання, якія ён накіраваў да мяне ад імя ўсіх вас. Вітаю і дзякую прадстаўнікам духавенства і вернікаў вашай Супольнасці, якія ад вашага імя выказалі нам сардэчнае прывітанне. Вітаю Біскупаў тут прысутных, а ў першую чаргу Апостальскага Нунцыя, Яго Эксцэленцыю Архібіскупа Марціна Відавіча, які прадстаўляе тут, у Беларусі, Святога Айца. Вітаю Прадстаўнікоў Улады, якія захацелі прыняць удзел у гэтай нашай сустрэчы. Да Яго Святасці Бенядыкта XVI хочам звярнуць зараз нашыя думкі. Я тут, сярод вас, ад Яго імя; прыношу вам Ягонае прывітанне і Ягонае Блаславенне, ды запэўніваю вас у Ягоным сталым клопаце пра вашую Супольнасць. Я ведаю, што вялікай ёсць вашая Яму вернасць і за гэта дзякую вам. Еднасць у разнастайнасці абрадаў, формаў і культураў ёсць вялікім багаццем Каталіцкай Царквы; яна з’яўляецца скарбам царкоўнай Сулучнасці, якую мусім рупліва захоўваць, абараняючы яе ад усякай рызыкі ды небяспекі. Каб застацца вернымі гэтай еднасці, шматлікія мучанікі на працягу стагоддзяў пралівалі сваю кроў, як святамучанік Язафат - святы вельмі дарагі вам ды ўсім каталікам. Госпад кліча ўсіх нас наследваць тых нашых братоў і сёстраў у веры, сведчанне якіх ззяе як яскравы прыклад ды заахвочвае трываць у вернасці Евангеллю, таксама сярод цяжкасцяў і выклікаў сучаснага пост-мадэрнага свету. Калі я уваходзіў у гэты ваш Душпастырскі цэнтр, у гэтае месца малітвы, дзе збіраецца вашая Супольнасць, я адчуў веру, якую ў вас ажыўляюць шматлікія іконы, якія вы шануеце з вялікай пабожнасцю. Таму я сапраўды рады, што я мог асвяціць ікону святога Язэпа, якая застанецца памяткай гэтага майго візіту ў вашым доме. Вы з’яўляецеся спадкаемцамі старажытнай літургічнай ды кананічнай традыцыі, якая ў Святой Божай Царкве мае поўную годнасць. Святому Язэпу, гэтаму святому, які быў выбраны, каб клапаціцца пра Ісуса ды Ягоную Маці, Дзеву Марыю, давяраю ўсіх вас, вашыя сем’і, а асабліва моладзь. Няхай святы Язэп прыдбае вам дар давесці да поўнага завершання місію, якую Бог прызначае кожнаму з вас; ён няхай блаславіць ды апякуецца вашымі сем’ямі; няхай узбудзіць пакліканні да святарства і да пасвячанага Богу жыцця; няхай ён сцеражэ ваш Горад ды ваш Народ. З любоўю паўтараю вам маю самую шчырую падзяку за вашую гасціну ды - з гэтымі пачуццямі - клічу на ўсіх вас тут прысутных матчынае заступніцтва Найсвятой Дзевы Марыі, Маці Божай ды Маці Царквы, Маці еднасці ды Зоркі мужнай надзеі. У Ейныя рукі давяраю вас, каб вы маглі крочыць заўжды з’яднанымі ды трываць у вернасці Яе Сыну Ісусу Хрысту. Яшчэ раз дзякуй! Няхай Бог блаславіць Грэка-каталіцкую Супольнасць Беларусі! |
20.06.2008
|