Пошук

Каляндар

 

Кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў грэка-каталіцкім Цэнтры імя сьвятога Язэпа  


Кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў грэка-каталіцкім Цэнтры імя сьвятога Язэпа
У чацьвер, 19 чэрвеня, а 17:00 гадзіне Яго Эмінэнцыя кардынал Тарчызіо Бэртонэ – дзяржсакратар Яго Сьвятасьці Папы Рымскага Бенядыкта XVI – сустрэўся з вернікамі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы. Сустрэча адбылася ў душпастарскім Цэнтры імя сьвятога Язэпа па вул. Арджанікідзэ.

Вернікі з усіх парафій БГКЦ, а асабліва парафіі Сьв. Язэпа, рыхтаваліся да сустрэчы з Высланнікам Папы праз уважлівую малітву: а 15:00 гадзіне ў цэнтры сьвятога Язэпа адбылася ўрачыстая Боская Літургія ў саслужэньні якой узялі ўдзел практычна ўсе грэка-каталіцкія сьвятары БГКЦ. У вызначаную гадзіну Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек сустрэў Уладыку кардынала Тарчызіо Бэртонэ і прасіў яго ўзначаліць малебен за ўсіх жыхароў Менску, а таксама асьвяціць некалькі іконаў, сярод якіх была ікона сьв. Язэпа.

Кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў грэка-каталіцкім Цэнтры імя сьвятога Язэпа
На сустрэчу разам з картыналам Т. Бэртонэ ў грэка-каталіцкім цэнтры прыбыў таксама ўвесь епіскапат Рыма-каталіцкай Царквы на Беларусі, менавіта Кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі Тадэвўш Кандрусевіч, яго дапаможны Біскуп Антоні Дзям’янка, Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ды Біскуп Віцебскі Уладыслаў Блін.

Сярод высокіх гасьцей былі прысутныя Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Сьвятым Пасадзе спадар Сяргей Фёдаравіч Алейнік, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Мінгарвыканкама Алла Мікалаеўна Рабіцава, глава адміністрацыі Завадскога раёну Алег Міхайлавіч Жогла, а таксама яго намесьнік – Людміла Мікалаеўна Бараноўская, і начальнік аддзела культуры Завадскога раёну Ірына Юр’еўна Шугала.

Кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў грэка-каталіцкім Цэнтры імя сьвятога Язэпа
Пасьля малебну вернікі былі запрошаны на смачны пачастунак – барбекю, VIP-госьці былі запрошаны на вячэру да Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея Гаека. Вячэра адбылася, як неаднаразова падкрэслівалі самі госьці, у “цёплай сямейнай атмасферы”. “Я сапраўды знаходжуся пад моцным уражаньнем той атмасферы, якая тут пануе – гэта чалавечая цеплыня і жывая беларуская мова” - сказаў за сталом Алег Міхайлавіч Жогла.

а. Андрэй Буйніч, Прэс-служба Сакратарыяту Апостальскага Візітатара

20.06.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier