23 верасня з'яўляецца яшчэ адным святам у гонар прарока, Прадвесніка і Хрысціцеля Гасподняга Яна. У гэты дзень адзначаюць яго цудоўнае Зачацце. Свята мае чыста біблейскае паходжанне, і Евангелле паводле Лукі на сваім пачатку апісвае гэтую падзею, а літургічныя тэксты 23 верасня пэўным чынам яе інтэрпрэтуюць, робячы адмысловыя акцэнты.
Юдэйскі народ на зломе Старога і Новага Запаветаў чакае абяцанага прарокамі Месію. Увесь народ на чале са святарамі моліцца пра гэта, а кожная жанчына марыць стаць маці Божага Памазаніка. Таму і перажывалі такія вялікія пакуты святар Захарыя ды ягоная жонка Альжбета з мястэчка Эйн-Карэм, бо ўжо шмат гадоў запар не маглі мець дзяцей.