ПАКАЯННЕ – ГЭТА ШЛЯХ ( 2-я нядзеля Вялікага Посту)
Сёння ў Евангеллі чытаем пра паралізаванага, якога прынеслі да Ісуса. Паколькі ў доме, дзе знаходзіўся Госпад, не было месца, гэтыя людзі разабралі дах і спусцілі хворага да ног Ісуса. Госпад ацаляе паралізаванага, але робіць гэта ў незвычайны спосаб: “Ісус, бачучы веру іх, кажа паралітыку: дзіця, даруюцца табе грахі твае” (Мк 2, 5), чым выклікае незадаволенасць “адукаваных і дасведчаных людзей” – кніжнікаў. “Хто можа дараваць грахі апрача аднаго Бога?” (Мк 2, 7) – разважаюць яны.
Часта людзі задаюць пытанні – дзе ў Евангеллі напісана, што Ісус быў Богам? Сённешняе чытанне з’яўляецца якраз адным з такіх фрагментаў. Пытанне фарысеяў у кантэксце таго, што адбылося, гучыць хучэй як сцвярджэнне: паколькі дараваць грахі можа толькі Бог, а Ісус даруе грахі, то Ісус ёсць Богам. Прычым сваё Боства Ісус паказвае не толькі словамі, але ўчынкамі – Ён прыходзіць на дапамогу чалавеку, які церпіць, ацаляе яго, дае новае, паўнавартаснае жыццё.
Ацаленне паралізаванага аднак не адбылося б без намаганняў з боку хворага і ягоных сяброў. Ва ўчынках гэтай кампаніі нельга не заўважыць пэўнай творчай фантазіі. Таксама іх дзеянні былі дастаткова небяспечныя. Не так лёгка ўзлезці на дах з чалавекам, які ляжыць на насілках! І, напэўна, сам хворы не проста ляжаў і згаджаўся на маніпуляцыі, якія з ім рабілі. Хучэй за ўсё, ён быў свядомым удзельнікам авантуры, а можа нават яе ініцыятарам і “ідэйным натхняльнікам”.
Царква нездарма дае нам да разважання гэты фрагмент у адну з нядзель Вялікага посту, які ёсць для нас часам пакаяння і навяртання. Пакаянне не можа абмежавацца толькі механічнаю споведдзю, на якой мы пералічым некалькі дрэнных учынкаў, гэта ўнутраная змена, ачышчэне ўсёй асобы чалавека, змена жыццёвых прыярытэтаў. На прыкладзе спаралізаванага, сённешняе Евангелле паказвае нам, што пакаянне – гэта актыўны працэс навяртання, сустрэчы з Госпадам, творчы і часамі небяспечны. І, мне здаецца, менавіта такое пакаянне найбольш зразумелае для чалавека ХХІ стагоддзя, які з’яўляецца па сваёй натуры трохі авантурыстам. Пакаянне сучаснага чалавека мусіць стаць не адмаўленнем ад творчасці, а наадварот, творчасцю чалавека для Бога і разам з Богам.
Пакаянне – гэта шлях нашага асабістага супрацоўніцтва з Госпадам. Нашая творчасць патрэбна для вырашэння праблем, што турбуюць нас, як невылечная хвароба турбавала спаралізаванага, праблем, якія пазбаўляюць нас руху ў духоўным жыцці, малітве, адносінах з бліжнімі. “Дыягназ” кожны з нас можа паставіць сабе сам, альбо з дапамогай свайго духовага кіраўніка. Што пазбаўляе нас руху: ленасць, нуда, ўладалюбства, марнаслоўе? Грахі, пералічаныя святым Ахрэмам у знакамітай малітве на Вялікі Пост у IV стагоддзі, надзвычай актуальныя ў стагоддзі ХХІ.
Часта даводзіцца чуць – я веру ў Бога, але ў душы, і не хачу дэманстраваць сваю веру. Гэта праўда, што вера не мусіць выстаўляцца на паказ, аднак ёсць сітуацыі, у якіх сур’ёзныя прычыны патрабуюць ад хрысціяніна засведчыць сваю веру. Сам Хрыстос сёння “выстаўляе сябе на паказ”, даруючы хвораму грахі і дэманструючы сваю Боскасць. І героі сённяшняга Евангелля дзеля дапамогі свайму сябру выставілі сваю веру ў Ісуса Хрыста на паказ літаральна перад поўным домам людзей. Што б чакала спаралізаванага, каб ягоныя сябры вырашылі ў душы схаваць веру ў тое, што Госпад можа ацаліць хворага і седзячы дома чакалі ягонага аздараўлення? Думаю, што гэты чалавек да канца дзён сваіх застаўся б невылечна хворым. Таму, браты і сёстры, ад таго, ці не пасаромеемся мы засведчыць пра Ісуса Хрыста, пра Ягонае збаўчае Слова і сілу, можа залежыць лёс людзей вакол нас. Таму ня бойцеся казаць пра тое, што вы хрысціяне, пра тое, што наш Госпад можа дапамагаць канкрэтнаму чалавеку ў канкрэтнай праблеме, падмацоўваючы сваё сведчанне словамі Святога Пісання і малітвай. Як гэта рабіць? Давайце выкарыстаем нашую творчасць!
Амінь.
а. Андрэй Крот, місійны душпастыр Гарадзенскай вобласці
|