| Мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў замежжа
Мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан (Бучко) нарадзіўся 8 жніўня 1926 году ў Гарадзеі (Нясвіжскага раёну). У час савецка-нямецкай вайны вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, быў сябрам Саюзу беларускай моладзі. З ліпеня 1944 году на Захадзе. Служыў у арміі генерала Андэрса. У бітве пад Монтэ-Касіна быў паранены, у 1946 годзе дэмабілізаваны.
Скончыў Лонданскі універсітэт са ступеньню бакалаўра дакладных навук (1953). Багаслоўскую адукацыю атрымаў у Грэцкай калегіі і Папскім Грыгарыянскім універсітэце (Рым). У 1958 годзе рукапакладзены на сьвятара, а з 1961 г. (пасля заканчэньня студый) служыць у Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. Быў намесьнікам дырэктара, а потым дырэктарам беларускай школы імя сьвятога Кірылы Тураўскага. З 1971 года кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны. З 1986 году Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў замежжа, кансультатар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
Сьвятарскую службу а. Аляксандр заўсёды спалучаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю ў прыватнасці ў Згуртаванні беларусаў Вялікай Брытаніі і Англа-Беларускім таварыстве. З 1989 году старшыня Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі.
Айцец Аляксандр вядомы як гісторык Царквы. З артыкуламі, нататкамі і рэцэнзямі ён выступаў у часопісах “На шляху”, “Беларус на чужыне”, “ Божым шляхам”, “Journal of Byelorussian Studies”, “Спадчына”, “Arche”. Ён – аўтар кніг “Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус” (2004), “Pro patria aliena: Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924–1938)” (2006), “Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі” (2006). Да гэтага спісу можна дадаць тэалагічную праца а. Аляксандра – кніга “Наша вера: Кароткі катэхізм хрысьціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў” (1988; 1990).
Каласальны ўклад зрабіў а. Аляксандр у станаўленне ўласна беларускай літургікі. Ён пераклаў на беларускую мову Літургіі між сьвятымі айцоў нашых Яна Залатавуснага, Базыля Вялікага, Рыгора Вялікага (раней асьвячаных дароў), Ютрань, Вячэрню. Таксама тэксты Актоіху, выбраныя тэксты Мінэі, тэксты Поснай і Кветачнай Трыёдзей, а таксама некаторыя тэксты Эўхалагіёну. Пераклады а. Аляксандра выходзілі асобнымі выданнямі, а таксама сабраныя ў малітаўніках “Цябе, Бога, хвалім” (?), “Госпаду памолімся” (2002) і ў “Літургіконе” (2005).
|