Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)

Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)


3.06.2013.
Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)У мінулую нядзелю, 2 чэрвеня 2013 г.. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква адзначала памяць Усіх Святых Беларускага народу. Для гарадзенскіх грэка-каталікоў гэта дзень асаблівага малітоўнага ўспаміну блаславёнай мучаніцы Мар’яны Бярнацкай (+1943 г.).

Пачаўся малітоўны ўспамін блаславёнай Мар’яны і Усіх беларускіх святых з Боскай Літургіі ў капліцы айцоў-рэдэмптарыстаў, дзе часова адбываюцца набажэнствы гарадзенскіай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай. Працягам малітоўнага ўспаміну сталася малітва Акафіста ў касцёле ў вёсцы Адамавічы перад цудатворным абразом Маці Божай. Касцёл у Адамавічах ніколі не зачыняўся – ні ў гады царскага пераследу, ні ў час пераследу камуністычнага, таму быў месцам малітвы для ўніятаў, якія патаемна захоўвалі вернасць Еднасці.

Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)Малітоўны ўспамін блаславёнай мучаніцы Мар’яны (Бярнацкай)У Адамавічах удзельнікі малітоўнага ўспаміну паразважалі над фрагментам Евангелля ад Лукі, што ў візантыйскай традыцыі чытаецца на ўспамін мучанікаў, і над тым, як хрысціянам несці сваё сведчанне ў сучасным свеце.

Заканчэннем малітоўнага ўспаміну Блаславёнай стаўся Малебен аб памнажэнні любові каля вёскі Навумавічы, што ў 10 кіламетрах ад горада, на старых фартах часоў Першай сусветнай вайны, дзе ў часы Другой сусветнай вайны нямецкія нацысты праводзілі расстрэлы мірных жыхароў Гародні і ваколіц, і дзе аддала сваё жыццё блаславёная мучаніца Мар’яна (Бярнацкая).

Частка вернікаў парафіі Маці Божае Фацімскай разам з удзельнікамі гарадзенскага Хрысціянскага валанцёрскага руху св. Мікалая, нягледзячы на моцныя дажджы, прыйшлі ў Навумавічы з Гародні пешшу.

***

Блаславёная Мар’яна нарадзілася ў Ліпску (мястэчка знаходзіцца сёння ў Польшчы), у сям’і ўніятаў, гвалтам пераведзеных у праваслаўе. Ліпск належыў да ўніяцкага Аўгустоўскага дэканата, які ахопліваў таксама паўночную частку сённяшняга Гарадзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уняцкай епархіі. Епархія праіснавала да 1875 г., і гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі, у якім уніяцтва не было знішчанае пасля Полацкага сабору 1839 года.

Дакладная дата нараджэння Блаславёнай невядомая, але прынята лічыць, што яна нарадзілася ў 1888 годзе. Падчас ІІ сусветнай вайны гэтая ўжо сталая  кабета  жыла разам з сям’ёй сына. Пасля забойства партызанамі ў Ліпску нямецкага жаўнера, акупанты ўзялі ў закладнікі мірных жыхароў мястэчка, сярод якіх апынуліся сын і цяжарная нявестка Блаславёнай.

Калі ў дом Бярнацкіх зайшоў узброены нямецкі жаўнер, каб забраць сына і нявестку, то Мар’яна Бярнацкая пачала на каленях прасіць яго дазволіць пайсці самой на смерць замест цяжарнай нявесткі. Разам з іншымі закладнікамі, Мар’яну Бярнацкую  расстралялі на навумавіцкіх фартах 13 ліпеня 1943 г.

За подзвіг любові Святы Айцец Ян Павел ІІ далучыў мучаніцу Мар’яну да ліку блаславёных сярод 108 новамучанікаў з часоў ІІ Сусветнай вайны ў чэрвені  1999 г.

Вярнуцца назад