Вялікамучанік Пракоп

Вялікамучанік Пракоп быў вельмі адукаваным чалавекам і хутка прасоўваўся па службовай лесьвіцы. Цэзар Дыяклетыян даручаў яму важныя заданьні, сярод якіх было і зьнішчэньне хрысьціянаў у Александрыі. Па дарозе да Алкександрыі Пракоп пабачыў праяву – вялізны Крыж на небе, і меў дыялог з Хрыстом, падобна да дыялогу Хрыста з Паўлам непадалёк ад Дамаску. Пасьля гэтага ён становіцца актыўным хрысьціянінам, чытальнікам, перакладчыкам з сірыйскай мовы і экзарцыстам. Маці-язычніца данесла на яго і ён быў увязьнены у Кесарыі палестынскай. Ён адмовіўся прыносіць ахвяру паганскім багам і ў гэтым падпарадкавацца імператарам (у рымскай імперыі, падзеленай на некалькі частак, у той час кіравалі чатыры імператары), працытаваўшы Гамера, які гаварыў, што лепш мець аднаго імператара. Пракоп намякаў тут на аднаго Валадара Хрыста. Пракоп памёр, засечаны мечам, каля 303 году.