Чытаньне вялебнаму(-ай):

Пасланьне да Галятаў 3.23-29

23. Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
24. Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
25. а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
26. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
27. усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
28. Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
29. Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.

Евангельле паводле Мацьвея 25.1-13

1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.
2. пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;
3. неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;
4. а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;
5. і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.
6. Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму».
7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.
8. А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць».
9. А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе».
10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.
11. Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам».
12. Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас».
13. Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.