Чарговае чытаньне:

Кніга Быцьця 9.8-17

8. І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:
9. вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,
10. і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;
11. станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.
12. І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:
13. Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною іпаміж зямлёю.
14. І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;
15. і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.
16. І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.
17. І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.

Кніга Выслоўяў Саламонавых 12.8-22

8. Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.
9. Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.
10. Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.
11. Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.
12. Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.
13. Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.
14. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных.
15. Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.
16. У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.
17. Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства.
18. Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе.
19. Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну.
20. Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў.
21. Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.
22. Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.