Чарговае чытаньне:

2-е пасланьне Пятра 3.1-18

1. Гэта ўжо другое пасланьне пішу вам, любасныя; у ім напамінам буджу вашую чыстую думку,
2. каб вы памяталі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную апосталамі вашымі:
3. найперш ведайце, што ў апошнія дні прыйдуць нахабныя паглумшчыкі, якія ўчыняюць паводле сваіх пахаценьняў
4. і кажуць: дзе абяцаньне прышэсьця Ягонага? бо з таго часу, як пачалі паміраць бацькі, ад пачатку тварэньня ўсё застаецца гэтак сама.
5. Тыя, што думаюць так, ня ведаюць, што на пачатку словам Божым нябёсы і зямля складзены з вады і вадою:
6. таму тагачасны сьвет загінуў, будучы затоплены вадою.
7. А цяперашнія неба і зямля, захаваныя тым самым словам, зьберагаюцца вагню на судны дзень і загубу бязбожных людзей.
8. Адно тое не павінна быць схавана ад вас, любасныя, што ў Госпада адзін дзень, як тысяча год, і тысяча год, як адзін дзень.
9. Не марудзіць Гасподзь з выкананьнем абяцаньня, як некаторыя лічаць гэта марудлівасьцю; а доўга трывае нас, ня хочучы, каб хто загінуў, а каб усе прыйшлі да каяньня.
10. Прыйдзе ж дзень Гасподні, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі, распаленыя, разбурацца ўшчэнт, зямля і ўсе дзеі на ёй згараць.
11. Калі так усё гэта зруйнуецца, дык якімі павінны быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вы,
12. хто чакае і прагне прышэсьця дня Божага, калі ўспалымнёныя нябёсы разбурацца і распаленыя стыхіі растопяцца.
13. Але мы, паводле абяцаньня Ягонага, чакаем новага неба і новай зямлі, на якіх жыве праўда.
14. Дык вось, любасныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца перад Ім неапаганенымі і беспахібнымі ў сьвеце;
15. і доўгае трываньне Госпада нашага прымайце за выратаваньне, як і любасны брат наш Павал паводле дадзенай яму мудрасьці напісаў вам,
16. як ён кажа пра гэта і ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта цяжка зразумелае, што невукі і няўмоцненыя, на сваю ж пагібель, перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
17. Дык вось вы, любасныя, паведамленыя пра гэта загадзя, асьцерагайцеся, каб вам не захапіцца аблудамі беззаконьнікаў і не адпасьці ад сваёй угрунтаванасьці,
18. а гадуйцеся ў мілаце і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечны. Амін.

Евангельле паводле Марка 13.24-31

24. Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго;
25. і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
26. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай іў славе.
27. І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба.
28. Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета;
29. так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
30. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе.
31. Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.