Чарговае чытаньне:

Евангельле паводле Лукаша 1.39-49

39. І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
40. і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Елісавету.
41. Калі Елісавета пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым,
42. і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, ідабраславёны плод улоньня Твайго!
43. І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
44. Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
45. і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
46. І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
47. і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
48. што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
49. бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,

Евангельле паводле Лукаша 1.56-56

56. А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.

Пасланьне да Філіпянаў 2.5-11

5. Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе;
6. Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам,
7. а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек;
8. упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
9. Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя,
10. каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай,
11. і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.

Евангельле паводле Лукаша 10.38-42

38. У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
39. у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.
40. А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.
41. А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,
42. а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.

Евангельле паводле Лукаша 11.27-28

27. Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!
28. А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.